ГРО́ДЗЕНСКАЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ,
Гродзенская медыцынская школа, першая ў Беларусі вышэйшая навуч. ўстанова па падрыхтоўцы мед. персаналу. Існавала ў 1775—81 у Гродне. Засн. па ініцыятыве Адукацыйнай камісіі і гродзенскага старосты А.Тызенгаўза. Арганізатар і кіраўнік — Ж.Э.Жылібер. Мела 3 аддзяленні: вышэйшае лекарскае (на 10 юнакоў са шляхты) для працы ў гарадах; падрыхтоўкі правінцыяльных лекараў і хірургаў (20 чал.); аддзяленне павітух (на 5, потым 17 чал.). Навучэнцы 2-га і 3-га аддзяленняў утрымліваліся за кошт казны і набіраліся з прыгонных сялян Брэсцкага, Гродзенскага, Оліцкага, Шавельскага каралеўскіх уладанняў, дзе яны павінны былі працаваць пасля заканчэння вучобы. Пры акадэміі дзейнічалі шпіталь (60 ложкаў), прыродазнаўчы кабінет, анатамічны т-р, аптэка (з 1687), б-ка, бат. сад (першы ў Беларусі і Рэчы Паспалітай, налічваў каля 2 тыс раслін). У 1781 пераведзена ў Вільню, дзе стала базай для стварэння мед. ф-та Віленскага універсітэта.
А.Ф.Самусік.
т. 5, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)